Жемыславль                                                   сайт местечка

 

  

В.Г. Цешка
(Гродна)

ЖАМЧУЖЫНА
IЎЕЎСКАГА КРАЮ
(ГІСТОРЫЯ МАЁНТКА ЖЭМЫСЛАЎЛЬ)

 

Архiтэктура – таксама летапiс свету: яна гаворыць тады, калi маўчаць i песнi i паданнi.

                                                                                                                    М.В.Гогаль

 

Часам здараецца, што мы не цэнiм тое, што маем, а калi гэта страцiм, то сумуем i карым сябе за тое, што нiчога не зрабiлi, каб гэта зберагчы. Вось ходзiм кожны дзень па адным i тым жа вулачкам i не заўважаем той прыгажосцi, якая нас акружае, тварэнняў прыроды, якiя на кожным кроку, будынкаў, якiя, магчыма, узведзены некалькi стагоддзяў назад. Верагодна, гэта адбываецца з прычыны таго, што мы, на жаль, не ведаем гiсторыю свайго краю.

У Беларусi шмат прыгожых, жывапiсных мястэчак, там, дзе ёсць на што паглядзець i чым падзiвiцца. Адным з такiх мястэчак з¢яўляецца Жэмыслаўль. Гэта вёска размяшчаецца ў Суботнiцкiм сельскiм савеце Iўеўскага раёна Гродзенскай вобласцi.

Жэмыслаўская зямля ўвасабляе ў сабе ўсю прыгажосць Беларусi: бяскрайнiя лугi, палi, зялёныя дубравы, сасновы бор i прыгажуня – Гаўя, якая зачароўвае сваiм аблiччам. Але наколькi Жэмыслаўль мае жывапiсныя краявiды, настолькi ён мае багатую гiсторыю.

Назва “Жэмыслаўль”, магчыма, паходзiць ад прозвiшча Жэмлла, якiм належыў у свой час Жэмыслаўль. Можа, корань гэтага слова – прозвiшча ўладальнiка маёнтка (Жэмллу – слаў); праслаўляй Жэмллу, род Жэмллаў, добрых гаспадароў – так на старапольскай мове называецца добрая пшанiчная булка – жэмла.

Жэмыслаўская зямля… Раней гэта зямля мела i iншыя назвы i складалася з некалькiх частак. Найбольшыя з iх маёнтак Кандрацiшкi i фальварак Пятроўшчына, меншыя ўладаннi насiлi назвы Пагаўя, Прыбышэўшчына, Абрамаўскi маёнтак.

Гiсторыя Кандрацiшкаў пачынаецца ў XVI ст. Уладальнiкам маёнтку быў памешчык Ян Зяновiч. У 1587 г. яго дзецi прадалi маёнтак ашмянскаму падкаморнiку Стэфану Роскаму. Належалi тады да яе вёскi Шайдзюны, Высоцкiя, Жамайтукi, а таксама частка пушчы, што ляжала ўздоуж дарогi з Дзевянiшак у Навагрудак. Затым Кандрацiшкамi валодалi па чарзе Стахоўскiя i Шыўкоўскiя, а з 1649 г. – ашмянскi падчашы Мiкалай Грудзь i яго жонка Канстацыя з Падбярэзiнскiх. Фальварак Пятроўшчына i некалькi меншых суседнiх фальваркаў былi ўласнасцю рода Жэмллаў герба Тапор. Усё гэта разам называлi Жэмыслаўскiм маёнткам. Ян Жэмлла прадаў Пятроўшчыну Андрэю Крыўцу. Той у сваю чаргу Пятру Кмiту, аднак неўзабаве яна вярнулася назад да Жэмллаў. Яны павялiчылi свае ўладаннi, дакупiўшы некалькi малых фальваркаў. Урэшце ўладальнiкам усяго маёнтка стаў Юры Войцех Жэмлла. У 1684 г. Крысцiна Канстанцыя, дачка Мiкалая Грудзя, прадала Юрыю Войцеху Кандрацiшкi. У тым жа годзе ён купiў палову Клявiцы, якую  затым яго сын Марцыян прадаў у 1706 г. Андрэю Грабскаму.

Пятроўшчыне з фальваркамi была надана новая афiцыйная назва Жэмыслаўль. А Юры Войцех Жэмлла з таго часу быў уладальнiкам Кандрацiшкаў i Жэмыслаўля. Але з цягам часу назва Кандрацiшкi знiкла з ужытку i засталася толькi адна – Жэмыслаўль.

               Юры Войцех Жэмлла быў паважаным чалавекам ва ўсiм Ашмянскiм павеце i выконваў адказныя функцыi. У завяшчаннi ён адпiсаў Кандрацiшкi i Жэмыслаўль сваёй другой жонцы Барбары Гэлене з Аборскiх, не ўпамiнаючы пры гэтым сына ад першага шлюбу Марцыяна. Аднак Марцыян пасля смерцi бацькi ў 1690 г. авалодаў усёй маёмасцю, не пакiнуўшы нiчога сваiм зводным сёстрам. На той час Жэмыслаўль меў 7 дымоў, дзве карчмы i, што цiкава, невялiкi металургiчны завод.

Марцыян аддаў Жэмыслаўль у заклад Пятру i прыёмнай сястры Анэлi з Жэмллаў Пацам, вiлейскiм старастам. Пацы у 1723 г. свае правы перадалi Францiшку i Цэцылii з Марыконяў, ашмянскiм скарбнiкам. З цягам часу гэты заклад ператварыўся ў фармальны продаж.

У 1728 г. памёр Марцыян, не пакiнуўшы нашчадкаў. Большасць уладанняў, якiя Марцыян i далей лiчыў сваiмi, адпiсаў у завяшчаннi дваюраднай сятры Iанне Верашчакавай з Кярноўскiх. Пасля шматлiкiх сварак i скасавання завяшчання Марцыяна ўладальнiцай усёй маёмасцi стала Людвiка Шчыт. Яна была дачкою Анэлi i Пятра Пацаў, унучкаю Юрыя i Барбары Жэмллаў. У 1745 г. яе сям¢я выкупiла ў Андрушкевiчаў пакiнуты Жэмыслаўль. У 1784 г. гаспадаром маёнтка стаў сын Людвiкi Крыштаф. Пры Крыштафу ў садзе перад палацам, насупраць дзвярэй у салон, была пастаўлена невялiкая драўляная каплiца. На той час у скад маёнтку ўваходзiлi: Рудня, Жамайтукi, Шайдзюны, Шаркуцi, Лаўкенiкi, Гута i Падваранцы. Усяго ў маёнтку пражывалі 411 чалавек.

У 1806 г. Юзаф Шчыт, брат Крыштафа, маршалак Мозырскага павета, прадаў Жэмыслаўль Антонiю Кеневiчу, мозырскаму земскаму суддзi. Антонiй Кеневiч 4 студзеня 1807 г. саступiу усю маёмасць маршалку Якубу Умястоўскаму. Якуб пераехаў у Жэмыслаўль з Клявiцы, якую разам з братам Марцiнам яны купiлi ў 1786 г. у Вiнцэнта Грабскага.

Цэнтрам Жэмыслаўскага маёнтка быў вялiкi палац, якi пабудаваны з пафарбаванага ў белы колер бруса, з ашалёванымi шэрай дранкай вугламi, з жоўтымi рамамi вокнаў i чатырма ганкамi з лiхтарамi. Дах быў ламаны, пакрыты гонтамi чырвонага колеру. У гасцявым пакоi сцены былi аздоблены белым галандскiм палатном. Паркет у iм быў сасновы, а столь з дранкамi таксама была пакрытая белым палатном. Каля ўваходу ў гасцёўню стаяла гiпсавая статуя цара Аляксандра I, а ўнутры пакоя знаходзiлася аздобленая бледна-зялёнай кафляй вялiкая печ.

Якуб Умястоўскi разам з жонкай Ганнай разбудоўваў i ўпрыгожваў сваю рэзiдэнцыю. На Гаўi быў пабудаваны драўляны, часткова мураваны спiртзавод. Затым быў пабудаваны 2-павярховы каменны свiран, падзямелле, якое напачатку выкарыстоўвалася для захоўвання дакументаў. На працягу валодання Жэмыслаўлем Якуб Умястоўскi купiў у Радзiвiла Суботнiкi i Квяткоўцы. У 10 вярстах ад Жэмыслаўля залажыў на пасеках фальварак Роцкiшкi, заснаваў фальваркi Казiмерава i Ягодвiнаў, назваўшы iх iмёнамi сваiх сыноў. Памёр Якуб Умястоўскi ў 1809 г. i пахаваны ў падзямеллi Суботнiцкага касцёла, дзе яго жонка Ганна зрабiла спецыяльную прыбудову.

Перад смерцю кiраванне ўсёй маёмасцю Якуб Умястоўскi даручыў свайму брату Тамашу. Наколькi ён быў добры гаспадар, сведчыць наступнае здарэнне. Пасля бiтвы французскiх i расiйскiх войскаў на полi Барадзiно ў 1812 г. пачалося адступленне Вялiкай Армii. На тэрыторыях, спустошаных вайной цяжка было знайсцi харчаванне для салдатаў. I калi рускiя войскi, якiя пераследавалi французаў, з¢явiлiся ў Жэмыслаўскiх ваколiцах i пачалi шукаць правiянт, то аказалася, што ў меру заможны толькi Жэмыслаўль i яго фальваркi.

Тамаш Умястоўскi быў вядомы i як апякун шматлiкiх сiротаў на Лiтве. На кожным запавеце для такой асобы было яго прозвiшча, юрыдычнага апекуна да таго часу, пакуль асоба не дасягне паўналецця.

Тамаш Умястоўскi памёр у 1822 г, i сыны Якуба – Антонi, Людвiк i Казiмiр – атрымалi спадчыну бацькi. Антонi атрымаў ва ўласнасць Квяткоўцы i Суботнiкi, Казiмiр – аднайменны фальварак, а Людвiку дастаўся Жэмыслаўль. Людвiк перад сваёй заўчаснай смерцю завяшчаў маёнтак Казiміру.

У 1828 г Казiмiр Умястоўскi пераехаў у Жэмыслаўль. У 1832 г ён ажанiўся з дачкой маршалка Дунiна-Раецкага Юзэфай з Вялiкага Мажэйкава. Казiмiр i Юзэфа Умястоўскiя пачалi энергiчна гаспадарыць ва ўладаннi. Адбывалася гаспадарчае будаўнiцтва: былi пабудаваны стайня для выязных i рабочых коней, аборы i валоўнi на 100 галоў жывёлы кожная. Па абодва бакi ад драўлянага палаца былi пабудаваны 2-павярховыя афiцынi. Узведзена была таксама 2-павярховая лядоўня i аранжарэя.

Казiмiр быў вялiкiм аматарам коннай язды. Ён меў 48 выяздных коней, для якiх быў збудаваны спецыяльны манеж. Увесь час удасканальвалася культура вядзення сельскай гаспадаркi праз увядзенне розных навiнак, закладвалiся сады, дакуплялася зямля. Казiмiр Умястоўскi купiў у Караля Янкоўскага маёнтак Канвелiшкi з мястэчкам i лясамi. На месцы высечаных лясоў ён заклаў фальваркi: Явелi, Каралейгi i Альберцiн. Жонка Ганна была таксама працавiтая i мела пачуццё прыгожага. Падчас адсутнасцi мужа выдатна замяшчала ў гаспадарчых справах. Казiмiр Умястоўскi быў выбраны маршалкам шляхты Ашмянскага павету i заўсёды актыўна ўдзельнiчаў у соймiках. Умястоўскiя былi ўзорнай сямейнай парай, iх жыццё было напоўнена працай i выхаваннем дзяцей.

Дзвюх сваiх дачок Казiмiр Умястоўскi з вялiкiм пасагам выдаў замуж: Габрыелю – за Канстанцiна Скiрмунта ў Свянцянскi павет, а Аляксандру – за Мiкалая Волыкага на Навагрудчыну. Аляксандра памерла ў маладым узросце ў 1859 г. i пахавана ў падзямеллi Лiпнiшскага касцёла. Сам Казiмiр раптоўна памёр у 1863 г., i гаспадыняй маёнтка засталася яго жонка Юзэфа. Яе намаганнi пасля смерцi мужа былi накiраваны на ўмацаванне гаспадаркi i аздабленне маёнтка. Часта асабiста аб¢язджала фальваркi для кантролю за працай эканомаў. Юзэфа вельмi любiла коней, таму часта наведвала Роцкiшкi, дзе гадавалi жарабят. Шмат увагi таксама ўдзяляла парку i пасадцы дрэў пры дарогах.

Пры Юзэфе была пабудавана каплiца з крыжам па дарозе на Суботнiкi. Але, напэўна, самай важнай справай жыцця Юзэфы Умястоўскай было будаўнiцтва новага мураванага палаца на месцы старога драўлянага. Так узнiк двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак. Завершаны палац масiўным кубiчным парапетам i арачнымi аконнымi праёмамi. У цэнтры галоўнага фасада лоджыя з каланадай i бакавымi антамi, у цэнтры дваровага – чатырохкалонны порцiк з трохвугольным франтонам. Пры ўзвядзеннi фасадаў выкарыстаны карынфскi ордэр.

Жэмыслаўскi палац быў пабудаваны па аналогii з сядзiбна-паркавым комплексам Лазенкi ў Варшаве, узведзеным ў 17841795 гг. па праекце архiтэктара Д.Мерлiнi. Там была рэзiдэнцыя апошняга караля Рэчы Паспалiтай Станiслава-Аўгуста Панятоўскага. Але Жэмыслаўскi палац не адзiная копiя варшаўскiх Лазенак, па аналагiчным плане пабудаваны палац у Ваке паблiзу Вiльнi, узведзены графам Тышкевiчам у 18761880 г. па праекце польскага архiтэктара Л. Марыконi. Ёсць меркаванне, што палац у Жэмыслаўлi пабудаваны па яго праекту, тым больш што Я. Тышкевiч сябраваў з Умястоўскiмi.

Для вырабу палiраванай мэблi для палаца Юзэфа Умястоўская запрасiла майстроў з-за мяжы, але эскiзы часта рабiла сама. Цяжкiм ударам для Юзэфы была смерць сына Альберта ў 1876 г. Памерла сама яна ў Вiльнi ў 1877 г., пахавана ў падзямеллi Суботнiцкага касцёла. Пасля смерцi Юзэфы Умястоўскай Жэмыслаўль па спадчыне перайшоў да Уладзiслава.

Уладзiслаў Умястоўскi нарадзiўся ў Вiльнi ў 1833 г. i ўжо ў дзевяцiгадовым узросце быў аддадзены для навучання ў Царскасельскi лiцэй. Вызначаўся ён сваёй стараннасцю i акуратнасцю. Пасля заканчэння лiцэя служыў у Гродзенскiм гусарскiм палку, пайшоў у адстаўку ў чыне штабс-ротмiстра i стаў гаспадаром маёнтка Пузеневiчы паблiзу Навагрудка i мястэчак Мiр i Гарадзея Мiнскай губернi. Уладзiслаў шмат падарожнiчаў, наведаў Iспанiю, Iталiю, Англiю, Бельгiю, Галандыю, Швейцарыю, Францыю. У Францыi граф Уладзiслаў пазнаёмiўся i пасябраваў з Аляксандрам Дзюма – бацькам i сынам, з iншымi лiтаратарамi i артыстамi, падтрымлiваў з iмi перапiску доўгi час.

У 1882 г. граф Уладзiслаў Умястоўскi ажанiўся з Янiнай Астрог-Садоўскай, дачкой знакамiтага магната з Валын. Хутка маладыя Умястоўскiя пераехалі ў Жэмыслаўль, дзе граф закончыў унутранае абнаўленне палаца, пабудаванага яго мацi. Былi перабудаваны некаторыя пакоi, заменены дзверы, вокны. На адной з печак на кожнай кафлi была зроблена iлюстрацыя да якой-небудзь казкi. Вялiкая ўвага надавалася добраўпарадкаванню тэрыторыi вакол палаца: уздоўж алеi, якая вяла да палаца, былi пасаджаны лiпы.

Для кiравання працамi ў парку i садзе граф Уладзiслаў наняў французскага спецыялiста Жамэ з Варак каля Вiльнi. Палац разам з садам ствараў сiметрычна-восевую структуру, тэрыторыю якой размяжоўвалi чатыры каменныя слупы. Насупраць палаца размяшчаўся вялiкi газон, поўны ружаў некалькiх вiдаў.

У палацы была багатая бiблiятэка, кнiгазбор якой складаўся з калекцыi каштоўных i рэдкiх польскiх выданняў, сабраў iх Альберт Умястоўскi, брат Уладзiслава. З замежных падарожжаў граф Умястоўскi прывозiў карцiны, кнiгi, крышталь, люстры i iншае. Яшчэ ў маладыя гады ён сабраў калекцыю гравюр i польскiх манет.

Граф Уладзiслаў Умястоўскi шмат увагi надаваў гаспадарчаму развiццю. Ахвотна выкарыстоўваў новаўвядзеннi ў сельскай гаспадарцы, удасканальваў тэхнiку. Для навуковай арганiзацыi палявых работ запрасiў з Варшавы вучонага iнжынера-агранома Людвiка Рымана. Зямлю, якая апрацоўвалася, ачышчалi ад каменняў. Глебы былi тут не вельмi ўрадлiвыя, але дзякуючы пастаяннаму дагляду, тут былi добрыя ўраджаi. На палях раслi амерыканскае жыта, авёс, канюшына, лубiн, сырадэла, гарох, бульба розных вiдаў i iншыя культуры.

Маючы вялiкiя лясныя багаццi, граф вёў лесараспрацоўкi. Была адчынена лесапiльня стэла, якая прыводзiлася ў рух з выкарыстаннем энергii вады Гаўi, а пазней пры дапамозе лакамабiля (парасiлавая машина). Драўнiну экспартоўвалi за мяжу. Перапраўлялi яе па Гаўi да Нёмана i далей.

У 1885 г. нанова быў перабудаваны спiртзавод на 4 заторы. Кожны затор штодзённа перапрацоўваў 160 пудоў сыравiны. Для работы прадпрыемства ў маёнтку вырошчвалi шмат бульбы.

Каля вёскi Дабраўляны працавала цагельня, дзе выраблялiся цэгла i чарапiца пры дапамозе машын, выпiсаных з Францыi. Прадукцыя цагельнi вызначалася высокай якасцю. У маёнтку была свая пасека. З мёду выраблялi старапольскую медавуху, якую граф вазiў аж у Лондан. А ў маёнтку ў падвалах захоўвалiся сотнi бутэлек медавухi.

Уладзiслаў Умястоўскi клапацiўся аб добраўпарадкаваннi дарог i сувязi. У 1886 г. граф пабудаваў у Руднi пошту i ўвёў у дзейнасць тэлеграф, якiя мелi сувязь з Беняконямi i прынялi на сябе абавязкi стацыянарнага аддзялення сувязi ў Суботнiках. У 1900 г. аддзяленне сувязi было перанесена ў Iўе, а ў 1907 г. на чыгуначную станцыю ў Юрацiшках. А ў 1913 г. паштовыя паслугi зноў прадастаўлялiся ў Суботнiках.

Пасля таго, як гаспадарка ў Жэмыслаўлi апынулася на даволi высокiм узроўнi, Уладзiслаў Умястоўскi вырашыў ажыццявiць сваю мару – будаўнiцтва новага касцёла ў Суботнiках. Задума гэта была рэалiзавана 27 чэрвеня 1904 г., калi касцёл у Суботнiках быў кансэкраваны пад тытулам св. Уладзiслава Венгерскага.

Пастаянны клопат пра Жэмыслаўль, будаўнiцтва касцёла ў Суботнiках падарвалi здароўе графа Уладзiслава. Ён падарожнiчаў разам з жонкай для папраўкi здароўя i адпачынку. У марозныя зiмовыя месяцы ён адпраўляўся ў цёплыя мясцiны, чаго патрабавала здароўе. Але зiмой 19041905 гг. граф Уладзiслаў марудзiў з выяздам. Памёр Уладзiслаў Умястоўскi 16 студзеня 1905 г. у Вiльнi. Пахаваны ён у фамiльным склепе пад Суботнiцкiм касцёлам.

Уладальнiцай сямейнай маёмасцi стала Янiна Умястоўская. У 1905 г. уладаннi яе складалi 17920056 дзесяцiн. Стаўшы ўладальнiцай усiх маёнткаў, вясной 1905 г. графiня даручыла ксяндзу ў Суботнiцкiм касцёле аб'явiць, што яна даруе сялянам штрафы па актах, якiя былi на руках у графа. Хутка былi знiшчаны ўсе выканаўчыя лiсты. Але сяляне зрабiлi свае вывады: так як графiня выехала за мяжу, яны вырашылi, што яна iх баiцца, i таму сталi заворваць пад сябе панскiя землi. За гэты ўчынак сяляне былi пакараны жаўнерамi, якiх прыслаў вiленскi губернатар на дапамогу ўпраўляючаму маёнткам.

У сувязi з абвастрэннем адносiн з сялянамi Янiна Умястоўская забрала ўсе важныя дакументы i выехала ў Варшаву. А маёнтак Жэмыслаўль i некаторыя фальваркi графiня вырашыла аддаць у арэнду.

Пакуль у Жэмыслаўлi, як i раней, выконвалiся ўсе гаспадарчыя справы. Графiня найбольш клапацiлася аб становiшчы лясоў. Паблiзу Жэмыслаўля вырубка лясоў не вялася. Для ўпарадкавання планаў лясной гаспадаркi графiня запрасiла майстроў з Чэхii.

У хуткiм часе пачалася першая сусветная вайна. Жэмыслаўль быў заняты немцамi, якiя бязлiтасна разрабавалi ўсе багаццi з графскага палаца, многiя рэчы знiшчылi.

Пасля заканчэння вайны Янiна Умястоўская вярнулася ў Жэмыслаўль з мэтай аднавiць гаспадарку ў маёнтку i фальварках. Але ў гэты час у Польшчы пачалася зямельная рэформа, у ходзе якой буйныя панскiя маёнткi “на крэсах усходнiх” падлягалi парцэляцыi. Многiя маёнткi i фальваркi, якiя належалi графiнi, ужо падверглiся парцэляцыi. Графiня не магла прымiрыцца з тым, што можа быць канфiскаваны Жэмыслаўль, i таму вырашыла здзейснiць наказ свайго мужа Уладзiслава. Пры жыццi ён меў намер аддаць частку сваiх багаццяў на дабрачынныя мэты. Граф марыў пабудаваць сельскагаспадарчую школу з iнтэрнатам для студэнтаў. I таму графiня Янiна Умястоўская 6 сакавiка ў прысутнасцi вiленскага натарыуса Адольфа Змачынскага i рэктара Вiленскага унiверсiтэта iмя Стэфана Баторыя Вiктара Станевiча падпiсала акт, якi ўзаконьваў яе дар унiверсiтэту: маёнтак Жэмыслаўль, фальваркi Гута i Залессе з землямi i лясамi.

Дар быў зроблены для навуковых мэт, аб чым сведчаць каменныя памежныя слупы. Дар даваў падставу для стварэнню фонду, мэтай якога было будаўнiцтва ў Жэмыслаўлi вышэйшай сельскагаспадарчай установы з iнтэрнатам для студэнтаў, а таксама жаночай i мужчынскай гiмназiй, таксама з iнтэрнатам на англiйскi i швейцарскi ўзор. Гiмназiя павiнна была змяшчаць 100 вучняў, а для заняткаў меркавалася выкарыстоўваць некаторыя памяшканнi палаца.

Пасля таго, як быў аформлены дар унiверсiтэту, графiня Янiна Умястоўская выехала за мяжу назаўсёды. Памерла яна ў 1941 г. у Варшаве.

Iшоў час… Жэмыслаўль перажыў гады Вялiкай Айчыннай вайны, усе нягоды i няшчасцi таго часу. У 1940 г. на базе маёнтка Жэмыслаўль быў створаны саўгас Жэмыслаўль. Мянялiся кiраўнiкi саўгаса, затым i калгаса, але ні адзiн з кiраунiкоў не дабiўся той велiчы мястэчка, як гэта было пры Умястоўскiх. Зараз сельская гаспадарка ў Жэмыслаўлi прыйшла ў заняпад, канешне, прымаюцца меры па паляпшэнні становiшча, але, на жаль, паляпшэнняў не бачна. Душа балiць, калi праходзiш каля палаца, якi зведаў лепшыя часы. Будынак палаца знаходзiцца ў аварыйным стане, калi не зрабiць рэканструкцыю ў хуткiм часе, то, магчыма, другi паверх абвалiцца. Неабходна як мага хутчэй дзейнiчаць, каб зберагчы тое, што засталося.

Прырода вакол палаца ўражвае сваёй прыгажосцю: прыгажуня Гаўя, на беразе якой стаiць палац, парк, старыя дрэвы якога берагуць гiсторыю мiнулых часоў. Дарэчы, у парку растуць дрэвы даволi рэдкiх вiдау (пенсiльванскi ясень, бяроза махрыстая, сiбiрская кедравая сасна, вязы, ялiны). Захавалiся некаторыя гаспадарчыя будынкi (склеп, стайня, млын, свiран).

У Жэмыслаўль часта на экскурсii прыязжаюць турысты з Расii, Польшчы, Лiтвы, вучнi i студэнты, навукоўцы i журналiсты, каб паглядзець на Жэмыслаўскую зямлю i старажытны палац. Але калi не правесцi рамонтных работ у палацы i не ўдабрапарадкаваць парк, то ў хуткiм часе не будзе на што i глядзець.

 

Крыніцы і літаратура

 

  1. Архiтэктура Беларусi. Энцыклапедычны даведнiк. – Мн.: Беларуская энцыклапедыя iмя Пятруся Броукi, 1993 – С. 211-212.
  2. Кулагин, А.Н. Жемыславские Лазенки  / А.Н.Кулагин // Хозяин. №8. 1991. –  С. 44.
  3. Нехвядовiч, К. Жэмласлаў / К.Нехвядовіч. Познань: Гаўя. – 2005.
  4. Субач, В.У. Жамыслаўль / В.У.Субач // З гiсторыi вякоў i пакаленняў Iўеўскага краю: матэрыялы навук.-практ. краязнаўчай канф. Гродна, 1999. – С. 169-179.

 

 

 


 

Местечко сегодня

История ФАПа

Памятник советским войнам

 

 Сайт оптимизирован 800*600 ® Ссылка при перепечатке обязательна

проект Гецевича Андрея 2003 г., ноябрь, 20 число.

 

На главную
История

Костел
Люди
Библиотека
Школа

Новости
Местечки
Фотоархив
Гостевая
Форум

 

 
 
 
 

 

 

 

 

slonims history